Кансультацыя для бацькоў
Засваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з’яўляецца руская. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад некаторых дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках. Аднак паўнавартаснае беларускамоўнае асяродзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З іншага боку, стыхійнае авалоданне беларускай мовай прыводзіць да змешвання рускага і беларускага маўлення дзяцей. Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.